Два тыдні таму ў Беластоку адбыўся форум па развіцці памежных тэрыторый. Калі прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў удзельнікам мерапрыемства, што адбудзецца адкрыццё памежных пераходаў побач з Беластокам, рэакцыя была вельмі пазітыўнай. Эксперты кажуць, што ў рэгіёне ёсць чаканні ад аднаўлення эканамічных адносін з Беларуссю.
Да нядаўняга часу на мяжы Польшчы з Беларуссю дзейнічаў толькі адзін памежны пераход Тэрэспаль-Брэст, і для грузавікоў — пераход Кукурыкі-Казловічы, ды яшчэ тры грузавыя чыгуначныя злучэнні.
У панядзелак 17-га лістапада польскі бок адкрыў памежныя пераходы з Беларуссю ў Баброўніках і Кузьніцы. Эксперты станоўча ацэньваюць дадзенае рашэнне польскага ўрада. Гаворыць, журналіст беластоцкага выдання «Kurier Poranny» Анджэй Клапатоўскі.
— У нас гэта ўспрымаецца як вельмі пазітыўны крок. Ёсць вялікія чаканні адносна адкрыцця памежных пераходаў у Кузьніцы і Баброўніках. Рашэнне закрыць гэтыя памежныя пераходы было незразумелым, улічваючы той факт, што памежны пераход Тэрэспаль-Брэст заставаўся адкрытым. Намаганні па аднаўленні руху ў Кузніцы і Баброўнікаў вяліся некалькі гадоў. Са слоў мясцовых чыноўнікамі з Сакулкі, з гміны Грудэк, ведаю, што яны спадзяюцца, што адкрыццё мяжы ажывіць мясцовы бізнес, што мясцовыя кампаніі атрымаюць фінансавую ін'екцыю, і што тое, што было закрыта гадамі або працавала на мяжы прыбытковасці, неяк адродзіцца».
Закрыццё мяжы было адчувальным ударам па рэгіёне, зазначае адмысловец.
— Для разумення ў Беластоку 300 000 насельніцтва, а калі дадаць жыхароў Гродна, Ваўкавыска, Слоніма, Баранавіч, Ліды і Шчучына, якія ездзілі ў горад на пакупкі, гэта насамрэч дзясяткі тысяч дадатковых пакупнікоў, дадатковыя людзі, якія пакідалі тут грошы. Гэта былі людзі, якія не проста прыязджалі за пакупкамі, але часта спыняліся ў гатэлях Беластока, хадзілі ў рэстараны, карысталіся культурнай прапановай, часам прыязджалі на выходныя і пакідалі грошы.
Адкрыццё мяжы будзе мець адчувальны эканамічны эфект, зазначае прафесар Беластоцкага ўніверсітэта Дан’ель Бацькоўскі.
— Эканамічны фактар з'яўляецца ключавым. У Беластоцкім рэгіёне адзін пераход быў зачынены амаль два гады, а другім, амаль чатыры. Гэта стала трагедыяй для кампаній, людзей, якія зараблялі на жыццё мяжой. Гаворка ідзе пра мноства кампаній, якія займаліся мытным афармленнем, пасрэднічалі або дапамагалі з транспартам, крамы ды інфраструктура, якая была створана на мяжы, і раптам усё была закрыта. Затым здарылася блакада мяжы, забароны на ўезд, што абваліла агратурызм. Спыніліся інвестыцыі, турыстычны абмен. У рэгіёне практычна ўсё замёрла, вось чаму не толькі ў апошнія тыдні, але прынамсі на працягу апошніх паўтара года на Варшаву ціснулі па ўсіх магчымых каналах, каб яна паслабіла рэпрэсіі адносна перасячэння мяжы.
Польшча закрыла свае межы з-за ўзмацнення правакацый з боку Беларусі, ідзецца пра арганізацыю наплыву нелегальных мігрантаў. Цяпер на Памежжы няма страху ад адкрыцця пераходаў, кажуць эксперты. Праблема нелегальных мігрантаў вырашана, зазначае Анджэй Клапатоўскі.
— Праблема мігрантаў на дадзены момант не выклікае асаблівай заклапочанасці. Статыстыка паказвае, што пасля будаўніцтва бар'ера мяжа стала больш абароненай, і спроб перасячэння мяжы стала значна менш. Мы адкрываем мяжу, таму што яна таксама бяспечная, праблема мігрантаў тут у значнай ступені вырашана.
Мяжа ў цяперашні час вельмі добра ахоўваецца, дадае Дан'ель Бацькоўскі.
— Памежныя пераходы цяпер убудаваныя ў салідную сістэму абароны, муроў і датчыкаў. Перасячэнне мяжы, калі яно не будзе цалкам арганізавана беларускімі службамі, практычна немагчымае. Сістэма ўмацаванняў бяспекі, пабудаваныя тэхнічныя дарогі, сейсмічныя датчыкі, і камеры выяўлення руху, — усё гэта робіць магчымасць праходу малаверагоднай.
Больш за тое, польскія эксперты зазначаюць, што калі з боку рэжыму Лукашэнкі будуць спробы арганізаваць правакацыі, польскі бок закрые пераходы за пару гадзін. Наяўныя тэхналогіі ды сістэмы гэта дазваляюць.
Юры Ліхтаровіч